ДЭ КІ́РЫКА ((De Chirico) Джорджа) (10.7.1888, г. Волас, Грэцыя — 19.11.1978),

італьянскі мастак і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў метафізічнага жывапісу. Вучыўся ў АМ у Афінах (да 1905) і Мюнхене (1906—09). Як мастак склаўся пад уплывам Г.​Апалінэра, А.​Бёкліна, П.​Пікасо, ідэй класічнай антычнасці і міфалогіі, ням. фігуратывісцкай і філас. культуры (Ф.​Ніцшэ і інш.). У ранніх яго творах сімвалічнасць, адасобленасць свету ад чалавека, адлюстраванне ўяўнай звернутай ва ўнутр. прасторы, асноўным персанажам якой быў манекен («Няўпэўненасць паэта», 1913; «Настальгія па бясконцасці», 1913—14; «Вялікая метафізіка», 1917). Пасля 1919 звяртаўся да класічных маст. прыёмаў і тэм, у метафізічную тэматыку ўводзіў сюррэалістычную сімволіку («Рымскія дамы», 1922).

У скульптуры ўвасабляў тыя ж іканаграфічныя матывы. Сярод літ. твораў «Hebdomeros» (1929), «Успаміны пра маё жыццё» (1945).

Д.​Дэ Кірыка. Няўпэўненасць паэта. 1913.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)